Анкета поколений

19.06.14


БЕЛАРУСЬ У ХХІ СТАГОДДЗІ:
РАЗВІЦЦЁ--МЫСЛЕННЕ-ДУХОЎНАСЦЬ


Прысвячаю героям
Бітвы пад Воршай
М. Бурак, 2014г.

ПАЧАТАК

      На маю думку Беларусь сёння знаходзіцца ў стане цывілізацыйнага крызісу. Таму 500-гадовы Юбілей Славутай Перамогі войскаў ВКЛ над войскамі ВКМ у літоўска-маскоўскай бітве пад Воршай 8 верасня 1514 года лічу падыходзячай для беларусаў нагодай задумацца аб цывілізацыйнай слушнасці беларускага этнасу. Чаму адны народы развіваюцца, складаюць самабытныя палітычныя нацыі, а другія дэградуюць і сыходзяць у нябыт? Што складае жыццёвую сілу нацыі, што дае ёй магчымасць гістарычнага быцця? Як Беларусі ўпісацца ў актуальную рэальнасць, каб удзельнічаць у тварэнні будучыні, а не апынуцца на абочыне гісторыі?
      У эпоху сярэдневякоўя, каб вольна жыць на сваёй зямлі на свой розум і ад сваёй душы, дык трэба было магчы процістаяць ваеннай экспансіі суседніх народаў. Перамога пад Воршай -- прыклад гэтаму. "Аршанская перамога памагла разбурыць кааліцыю Свяшчэннай Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэну, Крымскага ханства і Маскоўскага княства, расстроіла іх планы першага геапалітычнага падзелу Усходняй Еўропы, згодна з якімі Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае павінна была спыніць сваё існаванне як незалежная дзяржава, а яго землі -- стаць часткай Масковіі. Перамогай у бітве пад Воршай нашыя продкі адстаялі незалежнасць сваёй дзяржавы "-- Тарас А. Орша, 8 сентября 1514 года--Мн, 2014, с.105-106.
      Геапалітычная суб'ектнасць старажытнай дзяржавы літвінаў Вялікага Княства Літоўскага -- сведчанне цывілізацыйнай слушнасці продкай сучасных беларусаў. Гэты феномен суб'ектнасці ВКЛ -- наша нацыянальная духоўная спадчына. На працягу стагоддзяў яна жывіла ідэю беларускага нацыянальнага адраджэння. У 1918 годзе разуменне геапалітычнай суб'ектнасці беларускай нацыі было ўвасоблена ў абвешчанне незалежнай БНР, а ў 1991 годзе адрадзілася ў абліччы незалежнай Рэспублікі Беларусь. Так быў споўнены духоўны запавет вялікага беларуса Льва Сапегі, які ён пакінуў нам у сваім славутым Звароце да ўсіх станаў Вялікага Княства Літоўскага (Статут ВКЛ, 1588г.): "Заўважалі тое ўсіх вякоў мудрыя людзі, што ў кожнай рэчы паспалітай чалавеку прыстойнаму нічога не можа быць даражэй за вольнасць. А няволей так мусіць гідзіцца, што не толькі скарбамі, але і смерцю самой яе ад сябе адганяць павінен. ... Каб вольнасці сваёй пазбаўленыя, паводле волі і разумення чужынцаў не мусілі жыць."

      У найноўшыя часы разуменне актуальнасці пераўтварэння дзяржаўна-палітычнага ладу Беларусі цяперашняму грамадству публічна было прад'яўлена нацыянальна свядомай часткай беларусаў у 1988 годзе. Яно задавала агульны кірунак грамадскай дзейнасці БНФ "Адраджэньне". Гэта стала той рухаючай сілай развіцця беларускага соцыўма, што дазволіла адраджэнцам беларускай нацыі скарыстаць спрыяльны момант гісторыі і ўвасобіць сваё бачанне будучыні беларускай нацыі ў надзённую рэальнасць - суверэнную беларускую дзяржаву Рэспубліку Беларусь.

      Той, хто знаходзіцца па-за гістарычным працэсам, лічыць, што дзяржаўнасць упала на беларускую зямлю з неба - Саюз жа распаўся. А для таго, хто знаходзіцца ўнутры гістарычнага працэса, хто рухае кола падзей, таму вядома: нашыя беларускасць, незалежнасць і суверэннасць - гэта плён маральнага выбару, жыццёвай барацьбы і штодзённай працы душы, розуму і рук такіх гістарычных асоб як Зянон Пазьняк і яго паплечнікі. Сваім разуменнем светабыцця, спавядаемай сістэмай грамадскіх каштоўнасцяў, сваёй жыццядзейнасцю яны адухавілі актуальныя перамены ладу жыцця нацыянальным духам. Гэтым яны надалі жыццёвую сілу беларускай нацыі і задалі ёй гістарычную перспектыву. Я ўпэўнены - нашчадкі складуць ім сваю ўдзячнасць. А беларускаму народу яшчэ давядзецца даказаць, што ў яго ёсць усведамленне сваёй цывілізацыйнай слушнасці, жыццёвая сіла і надзённая воля, каб доўжыць сваю нацыянальную гісторыю і ў век глабалізацыі.
      У наш час, каб не згубіцца ў глабальным свеце, дык трэба быць унікальным, трэба быць патрэбным для іншых. У чым наша унікальнасць? У чым наша запатрабаванасць? У сусветным маштабе Беларусь непрыкметна ні ў рэальнай эканоміцы, ні ў інтэлектуальнай дзейнасці, ні ў духоўнай. Аднак беларуская нацыя сённяшнім сваім адраджэннем засведчывае цывілізацыйную слушнасць беларускага этнасу. Таму наша нацыятварэнне можа стацца глабальнай цывілізацыйнай падзеяй, калі Беларусь, насуперак не зжытым яшчэ імперскім амбіцыям Расіі, здолее даць гэтаму працэсу зразумелае свету і неабходнае глабальнаму светаўладкаванню ўвасабленне.
      "Гісторыя заўсёды заканчываецца сёння, у гэты самы момант часу. Пачынаючы з сённяшняга дня мы самі, наша воля, нашыя этычныя перакананні, вось што можа ўплываць (хоць, вядома, толькі часткова) на тое, што здарыцца ў будучыні. Мы здольныя ўплываць на будычыню, і не толькі праз нашыя этычныя перакананні і вераванні, але і з дапамогай нашай гатоўнасці прыняць на сябе адказнасць, з дапамогай крытычнага да сябе стаўлення, дзякуючы здольнасці вучыцца і развучывацца, дзякуючы нашаму скептыцызму ў ацэнцы ідэалогіі, асабліва ідэалогіі гістарычнага характару" -- гэтыя словы К. Поппера, з яго прадмовы да расійскага выдання яго "Убоства гістарыцызму. - М.,1993", робяцца ўсё больш актуальнымі ў век глабалізацыі. Глабалізацыя прымусіць дзяржавы ператварыцца з распарадчыкаў рэсурсаў на падкантрольнай ім тэрыторыі ў партнёраў суб'ектаў глабальнай дзейнасці, каб сумеснымі намаганнямі заваёўваць для агульнай карысці сваё месца на глабальных пляцоўках транснацыянальнага супрацоўніцтва. Хто гэта зразумее, хто знойдзе сваё месца ў набіраючым моц дыялогу цывілізацый, той будзе мець перспектыву гістарычнага быцця. Таму тэзы майго выкладання такія.

      1. Сёння Беларусь не ў стане ўдзельнічаць у глабальным цывілізацыйным працэсе -- ні інтэлектуальна, ні індустрыяльна, ні інсты-туцыянальна. Без рэфармавання жыццеўладкавання ў краіне, у Беларусі няма месца ў глабальным сусвеце, а значыць у беларускай нацыі няма гістарычнай перспектывы.
      2. Каб забяспечыць бясперапыннае развіццё нацыі -- грамадства павінна быць свабодным, мысленне -- рэфлексіўным, а духоўныя каштоўнасці -- жыццетворнымі.
      3. Кампетэнтнае дзяржаўнае праўленне -- гэта ўсвядомленная дзяржавай адказнасць за гістарычнае быццё беларускай нацыі.
      4. Беларуская нацыя -- гэта глабальная духоўная каштоўнасць. Прад'явіць свету пазітыўную унікальнасць беларускай нацыі -- задача дзяржавы.
      5. Галоўныя складальнікі цывілізацыйнай каштоўнасці беларускай нацыі - гэта жыццездольнасць беларускага этнасу, прыхільнасць еўрапейскай цывілізацыйнай парадыгме, уключанасць беларускай этна-кампаненты ў суседнія нацыі, гатоўнасць да глабальнага цывілізацыйнага ўзаемадзеяння.

      Калі мы разумеем бясспрэчную цывілізацыйную каштоўнасць беларускай нацыі, дык мы і павінны несці гэта разуменне ў жыццё і трансліраваць яго ў будучыню. Ёсць больш таленавітыя, больш разумныя, больш кампетэнтныя за нас. Аднак нашыя справы можам ажыццявіць толькі мы -- у меру нашага мыслення, нашай духоўнасці, нашай адказнасці. Калі мы разумеем, што так правільна, дык мы і павінны так рабіць, бо гэта дасць спакой нашаму сумленню. А рэальнай памяццю нам будзе вольнасць і беларуская адметнасць нашых нашчадкаў.


1.БЕЛАРУСЬ НА ПАРОЗЕ КРАХУ ПАПУЛІСЦКАЙ МРОІ


Добрае праўленне , не тое, што
абяцае зрабіць людзей шчаслівымі,
а тое, што ведае, як гэтага дасягнуць.
Т.Макалей, англійскі дзяржаўны дзеяч, 1800-1859г.г.

 

      Я прытрымліваюсь таго меркавання, што краіны -- лідэры цывілізацыйнага развіцця -- робяцца больш жыццездольнымі ў выніку бесперастаннага сацыяльнага прамыслівання элітамі грамадства нораваў чалавечай прыроды і матываў чалавечай дзейнасці, спосабаў арганізацыі чалавечага ўзаемадзеяння.

      Лад жа жыцця ў сучаснай Беларусі не адпавядае сусветнаму цывілізацыйнаму трэнду. У Беларусі ўлада грэбуе правамі чалавека, не разумее каштоўнасці дэмакратыі, не бачыць карысці ў цывільным жыццеўладкаванні грамадства. У Беларусі неэфектыўны сацыяльна-эканамічны ўклад і таму нізкі, у параўнанні з цывілізаваным светам і суседзямі, узровень жыцця. Састарэлае светаразуменне, нежаданне ўспрымаць адбываючыяся ў свеце змяненні і боязь рэформ адмоўна адбіваюцца на эканамічным стане краіны. Эканамічны рост спыняецца, канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў падае, запасы на складах растуць, інвестыцыі ў гаспадарку не ідуць на карысць вытворчасці, сельская гаспадарка ў безнадзейных даўгах, копіцца інфляцыя. У выніку маем нездавальняючы фінансава-эканамічны стан краіны як суб'екта глабальнай эканомікі. Адмоўнае сальда бягучага рахунка плацежнага балансу краіны хранічна складае 8-17% ВУП, што значна больш 4-5%, прынятых у якасці дапушчальнага. Таму неабгрунтаваныя даўгі растуць. Гэта не нармальна. Гэта ёсць факт палітэканамічнай няслушнасці існага сацыяльна-эканамічнага жыццеўладкавання ў краіне. Без карэннага рэфармавання парадку жыццядзейнасці на новы лад сітуацыя будзе толькі пагаршацца.
      А пагаршацца яна будзе таму, што тое, што раней трымала краіну на хвалі папулізму, зараз будзе цягнуть яе на дно хаосу. Прамысловы капітал, атрыманы ў спадчыну ад СССР, тэхналагічна і фізычна састарэў. Ніхто з тых, хто можа ўдыхнуць у іх жыццё, беларускія МАЗ, БелАЗ, МТЗ, Гарызонт, Інтэграл і таму падобнае, не тое, што не купіць, а і задарма не возьме. Іх лёс -- удзел у спекулятыўных гульнях і заняпад. Субсідыі ў эканоміку Беларусі з боку Расіі ў выглядзе зніжаных цэн на энерганосьбіты не вечныя. Новыя пазыкі пры нерэфармаванай эканоміцы, будуць толькі нарошчваць кошты даўгоў і непамерных выплат па іх. Продажы беларускіх тавараў на замежных плацежаздольных рынках, з-за падзення іх канкурэнтаздольнасці, будуць змяншацца. Прадукцыя будзе вырабляцца і абцяжарываць склады (што зараз у чарговы раз і адбываецца ў Беларусі), а зарабатную плату за яе выраб насельніцтва ў анклаве папулізму (чытай, пры заніжаным курсе долару), будзе траціць на спажыванне больш прывабнага імпарту.
      Так будуць марна растрачывацца нацыянальнае багацце, агульнаграмадскія ресурсы, марнавацца спрыяльныя ўмовы, нішчыцца дабрабыт нашчадкаў. Усё гэта сведчыць як аб нястачы ў беларускага вышэйшага дзяржаўнага праўлення -- прэзідэнта, дэпутатаў, складальнікаў ураду -- кампетэнтнасці па дзяржаўнаму кіраванню развіццём грамадства, так і аб неразуменні імі сваёй адказнасці перад нацыяй за яе гістарычную перспектыву. Калі яны не разумеюць цывілізацыйнай бясцэннасці мовы, гісторыі і культуры, калі яны абыякавыя да зместу гімна, выяў герба і сцяга, калі яны не разумеюць бандыцкай сутнасці дзяржаўна-палітычнай дзейнасці Леніна-Сталіна-бальшавікоў і якія з імі, калі яны прыватызацыю ажыццяўляюць за долары і робяць долар ЗША плацёжным сродкам у нашай краіне і нашым нацыянальным багаццем мацуюць курс долара, дык аб якой кампетэнтнасці можна гаварыць.
      Бяда беларускага грамадства ў тым, што прэзідэнту Лукашэнку недастала гістарычнай мудрасці, дзяржаўнага мыслення і палітычнай адвагі не дагаджаць утрыманскім настроям беларусаў, якія застаюцца яшчэ добра атручанамі папулізмам, а інвеставаць свой электаральны капітал у правядзенне дэмакратычных і ліберальных рэформ. За 20 гадоў кіравання дзяржавай Прэзідэнту не ўдалося асэнсавана сфармуляваць сваё ўяўленне аб будучыні краіны і вызначыць выразна нацыянальна-стратэгічныя арыенціры дзяржаўнай дзейнасці па ўключэнні Беларусі ў глабальны цывілізацыйны працэс. Таму Беларусь, якая ёсць сэрцам Еўропы, сёння знаходзіцца на перыферыі цывілізаванага свету. Беларусі трэба прыстасоўвацца да патрабаванняў часу. Інакш нам не выжыць як незалежнай краіне, як самастойнай нацыі.
      Лідэры аўтарытарных рэжымаў, якія знішчылі палітычных канкурэнтаў, задушылі апазіцыю, паставілі пад кантроль сродкі масавай інфармацыі і электаральныя працэдуры, мяркуюць, што прыйшлі правіць назаўсёды. Ім здаецца, што ў іх распараджэнні ёсць дастаткова сродкаў прымусу, каб забяспечыць стабільнасць улады. Гэта ілюзія. Навука вучыць, а гісторыя пацвярджае, што аўтарытарны рэжым улады з'яўляецца ўнутрана нестабільным. Крах яго звязаны не з пабочнымі акалічнасцямі ці выпадковасцямі, а абумоўлены яго прыродай --адсутнасцю бясперапыннай дзяржаўнай дзейнасці па прывядзенню краіны ў адпаведнасць патрабаванням часу. Таму наперадзе беларускае грамадства чакаюць сур'ёзныя сацыяльныя выпрабаванні на трансфармацыйную слушнасць. Калі краіна не будзе змяняцца адэкватна таму, што адбываецца ў свеце, дык яна асуджана на гібенне, на знікненне з гісторыі. Абавязак вярхоўнай улады -- Прэзідента і Нацыянальнага сходу -- заключаецца ў тым, каб ініцыіраваць рэформы, і кіраваць пераўтварэннямі, увесці гэты працэс у рэчышча прававых нормаў, сацыяльных гарантый і палітычнай стабільнасці. І той, хто займае пазіцыю дзяржаўнага лідэра абавязаны даць грамадству дзяржаўнае разуменне нацыятворных каштоўнасцяў, сфармуляванае ў фармаце мыслення ХХІ стагоддзя. Гэтым будзе вызначаны вектар асэнсаваных намаганняў дзяржавы па забеспячэнні гістарычнай перспектывы беларускай нацыі.


2.АДКРЫТЫ ЎРОК РЭФЛЕКСІЎНАЙ ЛОГІКІ РАЗВІЦЦЯ


Жыццё--гэта будучыня.
Таму жыць-гэта
пастаянна вырашаць,
чым мы будзем заўтра.
Артэга-і-Гасэт, іспанскі філосаў, 1883-1955гг.

 

      Развівацца -- гэта ўдасканалівацца па сутнасці існавання. Чалавечыя арганізаванасці -- асоба, сям'я, арганізацыі дзейнасці, супольнасці сацыяльнага ўзаемадзеяння, цывілізацыйныя агульнасці, чалавечая цывілізацыя -- развіваюцца ў выніку змянення іх жыццеўладкавання. Змяненні жыццеўладкавання адбываюцца з прычыны прыроднага ці мысліцельнага -- інтэлектуальнага, арганізацыйнага і духоўнага -- на іх уздзеяння. У залежнасці ад пазіцыі уздзеяння адносна працэсу развіцця змены будуць адбывацца ў тэлеалагічнай, каўзальнай (прычыннай) ці рэфлексіўнай логіцы, а працэс развіцця будзе насіць эвалюцыйны, дэтэрменісцкі ці дыалектычны характар.
      Калі стан арганізаванасці змяняецца з прычыны неўсведамляемага складальнікамі арганізаванасці уздзеяння натуральнага адбору, дык ідзе працэс эвалюцыйнага развіцця. Логіка развіцця -- тэлеалагічная. Мысленне складальніка аб развіцці арганізаванасці знаходзіцца ў пазіцыі сузірання. Сэнс жыцця не ўсведамляецца складальнікамі арганізаванасці, а задаецца догмай. Так эвалюцыянавалі першабытныя супольнасці. Так эвалюцыйна развіваюцца індывідуўмы, што не напаўняюць сваё жыццё сэнсам.

      Калі сутнасць існавання аргагізаванасці -- мэтазгодная дзейнасць, вызначаная стваральнікам, дык мысленне аб удасканаліванні такой арганізаванасці -- арганізацыі дзейнасці -- ажыццяўляецца стваральнікам (рэфарматарам). Мэта дзейнасці арганізацыі знаходзіцца звонку арганізацыі. Рэфарматар знаходзіцца таксама па-за арганізацыяй. Яго дзейнасць аддзелена ад непасрэднага функцыянавання арганізацыі (пазіцыя назіральна-навучальная). Рэфарматар ведае заканамернасці функцыянавання арганізацыі, ацэнівае яе стан, вызначае новую мэту дзейнасці арганізацыі, прадбачыць новы стан арганізацыі. Яго веданне, ацэнка, вызначэнне, прадбачанне - аб'ектыўныя. На падставе гэтых ведаў ажыццяўляецца пераўтварэнне арганізацыі, адбываюцца адпаведныя змяненні структуры арганізацыі і характару працэсаў, дасягаецца адэкватны гэтаму вынік - новы стан арганізацыі. Логіка развіцця - каўзальная. Уздзеянне вызначае вынік - аб'ектыўны і адназначны, у меру ведання дзейнасці рэфарматарам. Неабходнасць пераўтварэнняў матывуецца канкурэнцыяй - саперніцтвам наконт найбольш эфектыўнага дасягнення мэты, якая даступна і іншым арганізацыям дзейнасці. Так ідзе працэс дэтэрмінісцкага развіцця арганізацый дзейнасці. Гэтак жа развіваюцца мэтанакіраваныя асобы, якія надалі сваёй жыццядзейнасці рацыянальны жыццёвы сэнс.
      Калі арганізаванасць з'яўляецца супольнасцю сацыяльнага ўзаемадзеяння - грамадствам, абшчынай, аб'яднаннем, суполкай, клубам, супольнасцю адмыслоўцаў і г.д., дык сутнасць існавання арганізаванасці заключаецца ў стварэнні ўмоваў жыццядзейнасці - дзейнасці, паводзін, зносін -- складальнікам супольнасці, адпаведна іх інтарэсам, памкненням, каштоўнасцям. Супольнасць развіваецца праз развіццё складальнікаў супольнасці, якое патрабуе ўдасканалівання з цягам часу парадку іх узаемадзеяння. Упарадкаванне ажыцяўляе той, хто правіць. Орган праўлення знаходзіцца ўнутры супольнасці і ня можа аб'ектыўна спасцігнуць будучы стан супольнасці. Атрыманы вынік пераўтварэнняў -новы стан складальнікаў супольнасці - не будзе поўнасцю супадаць са спадзяваннямі. Наяўнасць крытычнага мыслення дазваляе скласці новае, больш дасканалае, разуменне ўпарадкавання супольнасці - аснову наступнага пераўтварэння. Так ідзе працэс дыалектычнага развіцця, калі будучыня творыцца ў працэсе жыцця складальнікаў арганізаванасці адпаведна ўвасабленню яе ідэалаў. Логіка развіцця - рэфлексіўная. Сувязь паміж ідэалам і рэальнасцю - двухбаковая ўзаемазваротная-праз крытычнае асэнсаванне выніку да новага разумення рэальнасці, да пошуку новых рэпрэзентацый ідэалу. Так развіваюцца сацыяльныя супольнасці, складаныя сістэмы дзейнасці. Так ажыццяўляецца палітычная, прадпрымальніцкая, інавацыйная і аргкіраўнічая дзейнасць у постіндустрыяльным грамадстве. Так развіваюцца творчыя асобы, што натхняюць сваё жыццё жыватворнымі ідэямі.
      Рухаючай сілай развіцця адкрытага ў будучыню грамадства з'яўляецца ўзаемадзеянне паміж рэчаіснасцю быцця і ўсведамленнем яе суб'ектамі развіцця. Разуменне хода гісторыі ўдакладняецца праз крытычнае асэнсаванне адхілення здейсненай будучыні ад спадзяванняў. У гэтым заключаецца дыалектыка развіцця грамадства. Ад усведамлення неабходнасці змен у жыцці - праз крэатыўнае пераўтварэнне рэальнасці - да новага стану сацыякультурнай рэчаіснасці. І зваротна, ад невязкі паміж спадзяваннямі і вынікам - праз крытычнае асэнсаванне новага стану жыцця - да новага разумення рэальнасці. Такім, узаемаабумоўліваючым змены адзін у другім чынам развіваюцца грамадства (рэальнасць) і суб'екты пераўтварэнняў (мысленне аб рэальнасці). Паміж разуменнем реальнасці ў развіцці, якое ляжыць у аснове дзеянняў суб'екта пераўтварэнняў, і вынікам пераўтварэнняў узнікае зваротная сувязь, што праз крытычнае мысленне злучае вынік з новым разуменнем рэальнасці. Такую ўзаемазваротную абумоўліваючую змены адзін у другім сувязь паміж рэчаіснасцю, што свядома пераўтвараецца, і больш дакладным яе ўсведамленнем, якое ёсць часткай гэтай рэчаіснасці, Дж. Сорас - адкрывальнік гэтай логікі узаемаабу-моўленага развіцця быцця і свядомасці, назваў рэфлексіўнасцю.
      А вызначае дынаміку развіцця грамадства жыццёвая сіла нацыі, якая заключаецца ў здольнасці грамадства ператвараць нацыянальныя багацці ў рэсурсы развіцця грамадства. А для гэтага трэба мець, перад усім, свежае ўяўленне аб будучыні грамадства ў суаднясенні с сусветным цывілізацыйным працэсам, выпрацаванае на фундаменце спавядаемай сістэмы каштоўнасцяў і ў сувязі з развіццём складальнікаў грамадства. А рэфлексіўная ўключанасць мыслення ў грамадскае жыццё робіць працэс удасканалівання грамадства бесперастанным і бясконцым. У гэтым заключаецца сутнасць жыццяздольнасці грамадства, якая жывіцца наяўнасцю ўзаемаразумення паміж суб'ектамі грамадства - правамоцнымі грамадзянамі, арганізацыямі дзейнасці, грамадскімі супольнасцямі, дзяржавай і інш. - пад час асэнсавання новых рэпрэзэнтацый будучыні. Калі будзем пашыраць свабоду індывідуальнага дзеяння, калі будзем падвышаць адказнасць прафесійнай грамадскай дзейнасці, калі будзем паглыбляць узаемаразуменне ў грамадстве, дык будзем жыць вечна. Святая справа таго, хто правіць, забяспечываць для гэтага ўмовы, кіруючыся ў сваёй дзейнасці не меркаваннем большасці і патрафляннем ёй -- гэта папулізм, а сваім крэатыўным бачаннем патэнцыялаў і рэсурсаў развіцця грамадства.


3.АБРЫС НАДЗЁННАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


Нястача не грошаў,
а адпавядаючых часу дараванняў,
робіць няслушнай дзяржаву.
Ф. Вальтер, французскі мысліцель, 1694-1778гг.

 

      У пачатку ХХІ стагоддзя ў нас - беларусаў, ёсць незалежная краіна. У беларускім грамадстве пашыраецца ўсведамленне цывілізацыйнай каштоўнасці беларускай нацыі, пашыраецца разуменне неабходнасці самастойна правіць сваім жыццём і несці за гэта адказнасць. Аднак за апошнія 20 год (1994-2013гг.) насельніцтва краіны зменшылася на 8% (810 т.ч.). Пры гэтым значэнне паказчыка нараджэнняў складае 1,67, што далёка ад 2,15, неабходных для забеспячэння хоць бы простаго ўзнаўлення насельніцтва. З гэтага вынікае, што беларуская нацыя не развіваецца, а дэградуе. Лічу, што Беларусь у пачатку ХХІ стагоддзя знаходзіцца ў стане крызісу цывілізацыйнай слушнасці нацыі. Сутнасць крызісу заключаецца ў няздольнасці існага беларускага грамадства самастойна забяспечыць сістэмнае ажыццяўленне мыследзейнасці па распрацоўцы і ажыццяўленні палітыкі і стратэгіі ўключэння краіны ў сусветны цывілізацыйны працэс. Прычына гэтага крыецца ў дэфіцыце маральнага, духоўнага і інтэлектуальнага рэсурсаў грамадства, каб жывіць жыцццёвую сілу нацыі.
      У наш час магчымасць суб'ектнага існавання краіны вызначаецца здольнасцю грамадства выяўляць і канцэнтраваць нацыянальныя рэсурсы не на самаізаляцыйнай дзейнасці, а на забеспячэнні непасрэднага ўдзелу складальнікаў грамадства ў глабальнай дзейнасці - эканамічнай, тэхналагічнай, вытворчай, навуковай, інфармацыйнай і культурнай, ажыццяўлення імі гуманітарных, сваяцкіх і прыватных глабальных зносін і г.д. Праз гэта ажыццяўляецца адэкватнае часу выкарыстанне грамадствам прадукцыйных магчымасцяў краіны - яе чалавечага капіталу, фінансавага капіталу, індустрыяльнага капіталу, прыроднага капіталу і сацыяльна-цывілізацыйнага капіталу. Праз уключэнне складальнікаў грамадства ў глабальны цывілізацыйны працэс будзе дасягацца развіццё арганізаванасцяў краіны - чалавечай асобы, арганізацый, эканомікі, соцыўма і дзяржавы. Праз развіццё арганізаванасцяў краіны грамадства будзе рабіцца больш цывілізаваным - больш арганізаваным, больш заможным, больш асвечаным, больш духоўным. Будзе ўзрастаць глабальна-палітычная суб'ектнасць Беларусі, а значыць будзе тварыцца беларуская нацыя. Такое цывілізацыйнае тварэнне нацыі і ёсць мэта дзяржаўнай дзейнасці, а стварэнне ўмоваў для гэтага ёсць абавязак дзяржавы, наканаваны ёй гісторыяй.
      Таму галоўная кіраўнічая кампетэнцыя дзяржаўнага дзеяча -прэзідэнта, дэпутата, складальніка ўрада - гэта даць рады праз свае здольнасці да дзяржаўнага мыслення, крэатыўнай рэфлексіі і мысліцельнай камунікацыі выпрацаваць палітыку і стратэгію далейшага жыццебудаўніцтва ў краіне. Галоўных задач такога кампетэнтнага дзяржкіравання я бачу тры. Першая - гэта стварэнне і падтрыманне рэжыму канкурэнцыі паміж суб'ектамі палітычнай і эканамічнай дзейнасці. Другая - гэта наладжванне узаемаразумення паміж суб'ектамі грамадства для забеспячэння больш дасканалага жыццеўладкавання соцыўма. Трэцяя задача - гэта пошук узаемаразумення з глабальна-палітычнымі суб'ектамі сусветнай цывілізацыі на аснове прад'яўлення свету пазітыўнай унікальнасці беларускай дзяржаўнасці на карысць глабальнага ўзаемадзеяння. Рашэнне гэтых задач створыць умовы для далейшага цывілізацыйнага развіцця краіны і дасць гарантыю глабальна-палітычнай стабільнасці Беларусі.
      А для гэтага трэба даць выразныя практычныя адказы на пытанні аб цывілізацыйным выбары Беларусі, аб жыццестваральнай сістэме грамадскіх каштоўнасцяў, аб дзяржаўна-палітычным ладзе краіны, аб сістэме дэмакратычнага дзяржаўнага праўлення, аб дачыненнях уласнасці. Аб тым, як будзем жыць далей, калі Расія не здолее (не захоча) субсідаваць беларускую эканоміку. Грунтам адказа на гэтыя пытанні ёсць дзяржаўна ўсвядомленая нацыянальная ідэя. І прад'явіць яе змест грамадству і свету ёсць гістарычная адказнасць таго, хто лічыць сябе здольным ажыццяўляць актуальнае дзяржаўнае кіраванне ў гэты вызначальны для лёсу беларускага народа час.

 

4. БЕЛАРУСЬ-ГЭТА ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫ СТЫК
ЦІ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫ РАЗЛОМ?


А хто там ідзе, а хто там ідзе?
У агромністай такой грамадзе?
--Беларусы .
...
А чаго ж, чаго захацелася ім
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
--Людзьмі звацца. (1905-1907гг.)
Я. Купала, 1882-1942гг.

 

      Што можа натхніць беларускае грамадства ў яго імкненні доўжыць гістарычнае быццё беларускай нацыі? Што можа служыць апорай у гэтым імкненні? Першае і самае галоўнае - гэта тое, што насуперак усім ліхтугам гісторыі, сёння існуе незалежная краіна Беларусь як спаўненне адвечнай жыцценатхняльнай мары беларускай эліты. Гэтым вынікам гістарычнага быцця беларускі этнас засведчыў сваю жыццяздольнасць і выявіў цывілізацыйную слушнасць беларускай ментальнасці - беларускага светаўяўлення, беларускага стылю мыслення, беларускіх спосабу жыцця і дзеянняў. Гэта дае нам надзею, што Беларусь здолее знайсці сваё месца ў свеце на новым этапе цывілізацыйнага развіцця.
      Сучасны свет ужо нельга ўявіць без рэгіянальных аб'яднанняў краін. Гэта сучасны цывілізацыйны трэнд. Беларусь удзельнічае ў еўразійскім інтэграцыйным працэсе пад вяршэнствам Расіі. Аднак калі ведаць гісторыю і глядзець у будучыню, дык цяжка зразумець - у чым наш, беларусаў, інтарэс, у такой інтэграцыі.
      Расія з'яўляецца асобнай, адной з васьмі вялікіх цывілізацый, са сваёй сістэмай каштоўнасцяў і ідэалаў, сваім светаразуменнем, сваімі правіламі чалавечага ўзаемадзеяння і сваёй сістэмай індывідуальных свабодаў. Стэрэатып расійскай цывілізацыі - імперскі. У аснове беларускага соцыўма ляжыць другі цывілізацыйны стэрэатып. Да таго ж сёння расійская цывілізацыя знаходзіцца ў стане дэградацыі. Спробы доўжыць сваё гістарычнае быццё ў якасці самастойнай цывілізацыі імперскага кшталту сёння беспадстаўныя. Яны сведчаць аб адсутнасці ў праўлення Расіі выразнага ўяўлення аб агульнай будучыні чалавечай цывілізацыі і месца ў ёй Расіі. Мы сведкі і ўдзельнікі глабальна-палітычнага афармлення гістарычнай няслушнасці імперскай цывілізацыйнай парадыгмы сучаснай Расіі. Інтагравацца з Расіяй - гэта далучацца да яе праблем не валодаючы рэсурсамі для іх пераадолення.
      Глабальна-палітычная слушнасць беларускай нацыі заключаецца ў нашай празе і ментальнай здольнасці жыць у згодзе тут паміж Захадам і Расіяй у незалежнай краіне. Глабальны свет не зможа існаваць без цывілізацыйнага стыка паміж Заходняй і Расійскай цывілізацыямі. І такім стыкам з'яўляюцца незалежныя Украіна, Беларусь, краіны Балтыіі. Праз згоднае нацыянальнае жыццё тут людзей з адрознымі этнічнымі, культурнымі і рэлігійнымі каранямі, праз узаемапранікненне выхадцаў з Польшчы, з Беларусі, з Расіі ў суседнія рускую, беларускую, польскую нацыі і іх роднасць са сваякамі на этнічных радзімах, праз прыгранічную этнічную еднасць беларусаў з "рускімі", з аднаго боку, і беларусаў з "палякамі", з другога боку, будуць злучацца Заходняя і Расійская цывілізацыі. Таму, пакуль на беларускай зямлі будзе незалежная Беларусь, дык тут будуць жыць беларусы. Тут будзе злучэнне (стык) цывілізацый праз монаэтнічную беларускую нацыю ментальна, дэмаграфічна і генэтычна здольную забяспечыць тут згоднае жыццё людзей. А калі не будзе Беларусі, дык не будзе і беларускай нацыі. Частка беларусаў стане русскоязычным населением, часткай русского мира, а другая - крэсамі ўсходнімі. Праз беларускую зямлю пройдзе цывілізацыйны разлом, бо тут сутыкнуцца дзве несумешчальныя ментальнасці-асобацэнтрычнага стылю мыслення і саборнага, лібе-ральна-дэмакратычнага светаразумення і дэспатычнага, індывідуальнай адказнасці і калектывісцкай абыякавасці.
      А каб процістаяць імперскім амбіцыям Расіі і забяспечыць незалежнасць, дык трэба шукаць паразуменне з Украінай, Малдовай, Летувай, Латвіяй і Эстоніяй і ствараць Балтыйска-чарнаморскую асацы-яцыю ўсходнееўрапейскіх краін. Гэта вядомая ідэя. А цяпер яна робіцца ўсё больш актуальнай і рэальнай для рэалізацыі. Такая садружнасць закрые Расіі шлях да агрэсіі супраць суседзяў, прымусіць яе звярнуцца да сваіх лёсавызначальных праблем і заставіць яе наладжваць нармальныя еўрапейскія стасункі са сваімі суседзямі і з усім светам. Захад такую садружнасць падтрымае, бо ён зацікаўлены ў адэкватнай часу, адкрытай у будучыню цывілізаванай Расіі. А калі Расія (Масква) вызначыцца як еўрапейская краіна, дык стане рэальным і яе далучэнне да БЧА. З'явіцца новы цывілізатарскі суб'ект, здольны да ўдзелу ў глабальным цывілізацыйным працэсе, здольны да ўмацавання міру ва ўсім свеце. А гэта актуальна для існавання ўсёй чалавечай цывілізацыі. "У эпоху, якая народжваецца, найвялікшую пагрозу міру ва ўсім свеце ствараюць сутыкненні цывілізацый. Таму глабальны парадак, заснаваны на ўзаемаразуменні паміж цывілізацыямі, з'яўляецца самай надзейнай перасцярогай супраць сусветнай вайны" - С. Ханцінгтан, 1927-2008гг. Сутыкненнне цывілізацый, М.,2006.
      Аднак калі рухацца да новага жыцця, дык трэба прычашчацца жыццетворных грамадскіх ідэалаў і каштоўнасцяў, трэба асвойваць прынятыя ў свеце нормы паводзін, трэба даць актуальнае вызначэнне сябе ў свеце. Для такога духоўнага і інтэлектуальнага аздараўлення грамадства папярэдне патрабуецца ачышчэнне сумлення праз прынясенне пакаяння - усведамлення і прызнання грахоў былога жыцця. Пакуль беларускае грамадства не ўсвядоміць і не прызнае граха жыцця пры злачынным савецкім ладзе, пакуль не ўсвядоміць і не прызнае існы грэх прагі жыцця за чужы кошт, пакуль не ўсвядоміць і не асудзіць жудасных злачынстваў Леніна-Сталіна-бальшавікоў і якія з імі, што ўчынілі небывалы ў гісторыі люты дзяржаўны тэрор супраць чалавечай прыроды, пакуль беларускае грамадства не ўсвядоміць і не асудзіць чалавеканенавісніцкай сутнасці камуністычнай ідэалогіі агульнай роўнасці, скіраванай на сістэмнае вынішчэнне дару Божага - чалавечай унікальнасці, дык да туль ніякага цывілізацыйнага выбару мы не зробім, ніякія рэформы не дапамогуць нам "людзьмі звацца". Памыліцца можа любы, аднак прабываць і жыць у аблудзе - гэта грэх. Таму спачатку -пакаянне, а потым - новае жыццё.

 

5.РЭСУРСЫ ПОСТІНДУСТРЫЯЛЬНАЙ ЖЫЦЦЯЗДОЛЬНАСЦІ ГРАМАДСТВА


Не народ зроблены для дзяржавы,
а абавязак дзяржавы і народа
тварыць нацыю.
Актуальны лозунг Адраджэння

 

      Жыццёвая сіла грамадства праяўляецца праз яго здольнаць ператвараць багацці нацыі ў рэсурсы развіцця краіны. У розныя часы па-рознаму тое, што маем, ператвараецца ў жыццёвыя даброты. У індустрыяльнай эканоміцы асноўнымі сродкамі вытворчасці даброт з'яўляюцца прыродны капітал і індустрыяльны капітал. Рэсурсамі вытворчасці, якія забяспечываюць функцыянаванне, рост і развіццё індустрыяльнай эканомікі з'яўляюцца чалавечы капітал, фінансавы капітал і сацыяльна-цывілізацыйны капітал.
      Развіваецца індустрыальная эканоміка ў рэжыме канкурэнцыі шляхам інвеставання фактараў развіцця ў аб'екты сродкаў вытворчасці, праз пазнанне заканамернасцяў вытворчай дзейнасці развіваемага аб'екта. Мысленне аб дзейнасці і рэсурсы развіцця знаходзяцца па-за аб'ектам. Таму сувязь паміж аб'ектам развіцця і ўкладываемым рэсурсам -дэтэрмінісцкая, накіраваная ад рэсурса да аб'екта. Чым вышэй канкурэнцыя, тым больш рэсурсаў укладваецца. Чым вышэй іх якасць, тым большае дасягаецца развіццё рэальнай эканомікі.
      У постіндустрыяльнай эканоміцы чалавечы, фінансавы і цывілізацыйны капіталы не толькі з'яўляюцца рэсурсамі індустрыяльнай вытворчасці, а і самі робяцца сродкамі вытворчасці даброт. Асаблівасцю гэтых постіндустрыяльных сродкаў вытворчасці з'яўляецца тое, што сродкам працы ў іх выступае чалавечая здольнасць да крэатыўнага мыслення, а прадметамі працы-уласцівасці чалавечай прыроды, змест фінансавай дзейнасці, цывілізацыйныя сэнсы. Крэатыўна мысліць-гэта пераўтвараць спасцігнутыя целам, розумам, сэрцам і душой рэпрэзентацыі рэчаіснасці ў матэрыяльныя, інтэлектуальныя, арганізацыйныя, пачуццёвыя і духоўныя арыгінальныя сцвярджэнні аб рэальнасці. Вырабленыя на гэтай аснове матэрыяльныя і нематэрыяльныя прадукты паступаюць на рынак.

      Галоўная адметнасць постіндустрыяльнага рынку - яго гла-бальнасць. Па-першае, гэта стварае для індустрыяльнай вытворчасці ўмовы глабальнай канкурэнцыі, што стымулюе індустрыяльнае развіццё. Па-другое, ён ператварае штучны па сваёй прыродзе нематэрыяльны прадукт, калі ён успрыняты масавым спажыўцом, у масавы індустрыяльны тавар, дае яму цану і прыносіць даход вытворцу. Па-трэцяе, на глабальным рынку заўсёды знойдзецца спажывец і для ўнікальнага сцвярджэння. Усё гэта дае новыя магчымасці эканамічнай дзейнасці.
      Улада ў дэмакратычнай краіне фарміруецца грамадствам. Таму яна знаходзіцца ўнутры грамадства, у інтарэсах якога яна ажыццяўляе дзяржаўнае праўленне ў краіне. У адкрытым грамадстве паміж ладам жыцця і дастаткам існуе адмоўная рэфлексіўная сувязь, бо ёсць палітычная канкурэнцыя, ёсць апазіцыя. Таму калі разыходжанне паміж дастаткам і ўяўленнем аб дабрабыце павялічваецца, дык улада вымушана ўдасканаліваць лад жыцця. Разыходжанні паміж рэальным узроўнем жыцця і яго разуменннем змяншаецца, грамадства развіваецца, дабрабыт расце.
      У краіне з недэмакратычным ладам жыцця і нерынкавай эканомікай ўлада кіруе вытворчасцю і жыццеўладкаваннем па сваім недасканалым разуменні рэальнасці. Рэфлексіўныя сувязі паміж вытворцамі і спажыўцамі, з аднаго боку, і паміж жыццеўладкаваннем і дастаткам, з другога боку, адсутнічаюць. Таму адсутнічаюць сігналы як па ўдасканаліванню вытворчасці, так і па ўдасканаліванню жыццеўладкавання. Жыццё знаходзіцца ў застоі, эканоміка - у стагнацыі, у спажыванні пануе дэфіціт.
      Дзяржаўная ўлада павінна займацца дзяржаўнай справай - весці дзяржаўнае жыццебудаўніцтва ў краіне, а гэта значыць - ажыццяўляць дзяржаўную мыследзейнасць па наладжванню рэфлексіўных сувязяў паміж вынікам і зместам дзеянняў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця ў краіне. Структура адносін у краіне павінна грунтавацца на постіндустрыяльнай парадыгме сацыяльнага ўзаемадзеяння, калі дзяржаўныя інтарэсы знаходзяцца ў рэфлексіўнай сувязі з інтарэсамі і патрэбнасцямі індывідуўма - носьбіта этнічнай адметнасці нацыі. Таму сёння лозунг нацыянальнага адраджэння павінен быць такім - не народ зроблены для дзяржавы, а абавязак дзяржавы і народа тварыць нацыю.
      А галоўнае, тыя, хто займаюць пазіцыю дзяржаўнага кіравання абавязаны думаць аб тым, якія ў нас ёсць магчымасці ўдзелу ў глабальнай цывілізатарскай дзейнасці. Ці ёсць давер да нашага разумення рэальнасці тых, хто з'яўляецца лідэрамі цывілізацыйнага развіцця, хто валодае рэсурсамі глабальнай эканамічнай дзейнасці, хто сёння творыць будучыню чалавечай цывілізацыі? Як нам здабыць гэты давер? Як ператварыць яго ў фактар цывілізацыйнага развіцця беларускай нацыі?
      Шлях да атрымання даверу з боку сусветнага супольніцтва да цывілізацыйнай сталасці беларускага грамадства пралягае праз гатоўнасць грамадства прыняць на сябе рызыкі глабалізацыі, праз пошук свайго месца ў глабальным светаўладкаванні, праз гатоўнасць да пошуку ўзаемаразумення ўнутры грамадства, праз разуменне дзяржавай сваёй гістарычнай адказнасці перад астатнім светам за будучыню нацыі. Увасабленне ў жыццё гэтых духоўных імператываў жыццяздольнасці нацыі ёсць актуальнае пацвярджэнне наяўнасці ў беларускага грамадства інтэлектуальнага, арганізацыйнага і духоўнага патанцыялу для забяспячэння далейшага гістарычнага быцця беларускага этнасу.
      Будучыня творыцца сёння. Наша бачанне будучыні ўплывае на нашыя рашэнні. Аднак нашыя ўяўленні аб будучыні з'яўляюцца недасканалымі і робяць недасканалымі нашыя рашэнні. І толькі бесперапыннае мысленне, адухоўленае жыццятворнымі ідэаламі, і бесперастанная перастройка быцця могуць зменшыць гэтую недасканаласць. У гэтым заключаецца і складанасць жыцця, і наша адказнасць перад будучыняй, і наша адвага. Іншага нам не дадзена. Такі наш свет. А тое, што мы ёсць і ведаем, хто мы такія і для чаго жывём, што мы разумеем цывілізацыйную каштоўнасць беларускай нацыі, напаўняе наша жыццё сэнсам. У гэтым заключаюцца наша жыццёвая сіла, наша вера ў будучыню і наш жыццёвы аптымізм.

 

ЗАКАНЧЭННЕ


      31 траўня 2014 года на сядзібе БНФ "Адраджэньне" у Мінску па Чарнышэўскага,3 адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Вялікай Перамозе войскаў ВКЛ над Масквой у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 года. Князь Канстанцін Астрожскі быў упэўнены ў перамозе. Таму і з'явілася карціна-хроніка "Бітва пад Воршай", што цяпер у Нацыянальным музеі ў Варшаве. Князь Астрожскі ў гонар Перамогі аднавіў тры царквы ў Вільні, як і абяцаў перад бітвай. Ён добра разумеў моц духоўнай сілы, таму і натхняў сваім словам войска перад бітвай. Толькі моцныя духам здольныя тварыць рэальнасць вакол сябе адпаведна ўласнаму разуменню. Чым духоўна магутней творца - тым надалей у часе сягае створанае ім. Нашыя продкі здолелі цераз ваенныя перамогі, прагрэсіўныя статуты, адважныя паўстанні, адбудаваныя цэрквы, праз прыдатны да часу лад жыцця данесці да нашчадкаў духоўную сілу беларускага этнасу.
      Плён іх духоўных высілкаў не прапаў дарам. Таму маем сёння носьбітаў беларускай нацыянальнай духоўнасці, што сваёй жыццядзейнасцю адухаўляюць сённяшняе наша жыццё нацыянальным духам. Таму і здолелі дэпутаты фракцыі БНФ "Адраджэньне" на чале з Зянонам Пазьняком 19 верасня 1991 года - як раз 23 гады таму, як я пішу гэтыя радкі - дамагчыся прызнання герба "Пагоня" і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі, якая стуль стала называцца Рэспублікай Беларусь. Гэта надало гістарычную перспектыву беларускай нацыі. Я ўпэўнены, што гераічныя постаці Канстанціна Астрожскага, Льва Сапегі, Касьцюка Каліноўскага, Вацлава Ластоўскага, Зянона Пазьняка і іншых, што складаюць ядро беларускай нацыянальнай духоўнасці, будуць і надалей жывіць беларускае грамадства нацыянальным духам, мацаваць яго жыццёвую сілу і асвятляць будучыню.


Жыве Беларусь! Слава героям!

 

БІБЛІЯГРАФІЯ ВЫБРАНАГА


      1.Рац М.В. Идея открытого общества в современной Росии. - М., 1997 - 40с.
      2.Сорос Дж. Открытое общество. Реформируя глобальный капитализм. - М.,2001 - 458с.
      3.Лефевр В.А. Что такое одушевлённость? - М., 2013 - 125с.
      4.Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность. Ошибки социализма. - М., 1992 - 304с.
      5.Хантингтон С. Столкновение цивилизаций. - М., 2007 - 571с.
      6.Тоффлер Э., Тоффлер Х. Революционное богатство. - М., 2008 - 569с.
      7.Хокен П., Ловинс Э., Ловинс Х. Естественный капитализм: грядущая промышленная революция. - М., 2002 - 459с.
      8.Друкер П. Энциклопедия менеджмента. - М., 2004 - 432с.
      9.Гринспен А. Эпоха потрясений: Проблемы и перспективы мировой финансовой системы. - М., 2010 - 520с.
      10.Стиглиц Дж. Крутое пике: Америка и новый экономический порядок после глобального кризиса. - М.,2011 - 512с.
      11.Бальцерович Л. Социализм, капитализм, трансформация: Очерки на рубеже эпох. - М., 1999 - 352с.
      12.Гайдар Е. Т. Гибель империи. Уроки для современной Росии. - М., 2013 - 592с.
      13.Кузнецов О.Л. Система "природа-общество-человек": философия развития через взаимодействия. - М. 2010 - 239с.
      14.Рын К. Г. Дэмакратыя і этычнае жыццё. - Мн., 1996 - 256с.
      15.Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасці Беларусі. - Мн., 1994 - 23с.
      16.Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мн., 1992 - 126с.
      17.Тарас А. Краткий курс истории Беларуси. ІХ-ХХІвв. - Рига, 2013 - 544с.


Мечыслаў БУРАК
г. Мінск
19 верасня 2014 года

 

 

Оставить отзыв
Ваше имя:
Ваш отзыв: