Корни семьи

СЯМ’Я БУРАК З ГМІНЫ ГРОДЗІСК ЛУЧЫЦЬ
ЗАХОДНЮЮ І РАСІЙСКУЮ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ


    У лістападзе 2011 года мы – Алена, я і Пётр, пазнаёміліся з войтам гміны Гродзіск панам Антоніем Тыміньскім. У снежні 2012 года айцец Мікалай Аўсенюк прыязджаў з Польшчы ў Брэст. Ён прывёз мне прывітанне ад пана  Тыміньскага. Разам з гэтым пан войт даслаў мне просьбу напісаць колькі слоў аб нашай сям’і, бо ён мае цікавасць да гісторыі свайго краю, яго жыхароў і ўраджэнцаў. Я з удзячнасцю прыняў гэтую просьбу і пачаў пісаць у сакавіку 2013 года, тым больш, што не так даўно перад гэтым -- у жніўні 2012 года, я склаў радаводнае дрэва нашай сям’і Бурак: бацька Іосіф, маці Ганна, сямёра дзяцей – Юрый, Марыя, Уладзімір, Мечыслаў, Алена, Ніна і Пётр (гл. наш сайт: www.burak.by). Аднак жыццёвыя клопаты прыпынілі гэтае пісанне. Цяпер жа, пасля чарговага наведвання Польшчы ў пачатку лістапада 2013 года і візіта да пана войта, я ўзнаўляю гэтае выкладанне з улікам вычытанага ў запрэзентаванай мне панам Тыміньскім, разам з іншымі гасцінцамі, грунтоўнай, зробленай пад яго патранатам, кнізе аб гміне Гродзіскей -- Tomasz Jaszczolt /Gmina Grodzisk: k. Siemiatycz /Dzieje ziemi i mieszkancоw/ Grodzisk, 2012

 

ПАДЛЯШСКІ СТЫК


    Карані нашай сям’і прараслі ў вёсцы Семёны, адкуль родам наша маці. Бацька родам з вёскі Макаркі. Зараз гэта Польшча -- гміна Гродзіск Семятыцкага павета Падляскага ваяводства (Беласток). Гістарычная назва гэтага краю -- Падляшша. Яна ўзнікла ў тыя часы (ХІІІ-XІV ст.ст.), калі гэты край разам з іншымі – Руссю, Жамойццю, Палессем, Валынню, Кіеўшчынай і Падоллем, гуртаваўся вакол Літвы і ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ). Падляшша -- гэта значыць край “пад Ляхамі”, край “убок Ляхаў”, край, які ляжыць каля граніц зямель польскіх.
    Падляшскае ваяводства было ў складзе ВКЛ да 1569 года,  калі пад час утварэння Рэчы Паспалітай -- канфедэрацыі Каралеўства Польскага і ВКЛ, яно было ўлучана ў склад Каралеўства Польскага. Ад гэтых часоў Падляшша паланізуецца і мае агульны з Польшчай гістарычны лёс -- войны, падзелы, каланізацыі, акупацыі, “вызваленні”. У дадатак гэты лёс абцяжарываўся паложаннасцю краю на вялікай дарозе з Захаду на Ўсход, на цывілізацыйнай мяжы паміж Захадам і Ўсходам. Гэтыя землі Падляшша, разам з землямі Заходняй Беларусі, знаходзіліся ў цэнтры асноўных крывавых сутыкненняў еўрапейскіх народаў у XVI-XX стагоддзях. Перажыўшыя ўсё гэта нашчадкі палякаў, літвінаў і русінаў лічаць сябе хто палякам, хто беларусам. Адныя ходзяць да каталіцкага касцёла, другія -- у аўтакефальную (незалежную ад Масквы) праваслаўную царкву. Аднак жывуць яны, як я заўважыў, у згодзе. Пры гэтым паміж імі вельмі блізкай можа аказацца кроўная ідэнтычнасць (тоеснасць). Як, напрыклад, у нашай сям’і.
    Бацькі нашы сталіся беларусамі, хадзілі ў царкву, што ў Чарнай Царкеўнай і тут жа ў 1933 годзе бралі шлюб. Тут жа на праваслаўных могілках пахаваны нашыя па матчынай лініі дзед і бабка Мікалай і Соф’я Васільчук. А наша бліжэйшая кроўная радня -- Блашчукі і Тымасякі, сталіся палякамі. Маці Антаніны Блашчук і Станіслава Тымасяка -- нашая цётка Устына, што родная сястра нашай маці Ганны, пабралася шлюбам з палякам Антоніем Тымасякам, хадзіла да касцёла і сталася полькай. Яна пахавана на каталіцкіх могілках у Гродзіску. Аднак магілы сваіх праваслаўных бацькоў даглядала і пакінула дагледжанымі і да памяці нашчадкаў далучанымі. Таму ў нас ёсць магчымасць наведаць іх, ушанаваць памяць дзеда і бабкі і памаліцца аб упакаенні іх душаў. Мы ўдзячны за гэта і цётцы Устыне і дачцы яе, а нашай стрыечнай сястры, Антаніне.
    І зараз, калі едзеш на аўто па тых краях, дык праваслаўных могілак і цэркваў, ці не больш сустрэнеш, чым каталіцкіх. Аднак, па тым, што я бачу там, ухіл краю ў польскі бок, лічу, пайшоў яму на карысць.

 

ПОЛЬСКІ ПАСЕЎ


    Наша сям’я Бурак узнікла 26 лістапада 1933 года, калі наша маці Ганна з роду Васільчук пабралася шлюбам з нашым бацькам Іосіфам (Юзэфам) Бураком. Аб гэтым у нас ёсць Odpis skrоcony aktu mal?enstwa (№22/1933, Гродзіск), які вырабіў з Польшчы наш бацька ў 1972 годзе. Гэты дакумент стаўся, разам з бацькоўскімі ўспамінамі і сямейнымі паданнямі, асновай росшукаў нашага сямейнага радаводу і выяўлення гісторыі і геаграфіі нашай сям’і.
    Бацька нашай маці -- наш дзед Мікалай Васільчук, быў праваслаўнага веравызнання, быў чалавекам асвечаным -- меў 10 класаў адукацыі, чытаў Біблію, трымаў краму. Быў гаспадаром -- меў 12 гектараў зямлі, коні, каровы, свінні. Быў культурным чалавекам, прыстойных паводзін, глядзеў уперад. Меў жыццёвую адвагу сваё ўласнае меркаванне не хаваць. За гэта, яшчэ да шлюбу з нашай бабкай Соф’яй, пакаштаваў Сібіры. Любіў і паважаў людзей, і яго любілі і паважалі, асабліва моладзь. Збіраў іх вакол сябе, разважаў аб жыцці. Калі вымаўляў ім, дык строга, але спакойна, і дзеці яго слышалі. Быў ён роста высокага, вясёлага хумору, на двары мог чыхнуць так, што чуваць было навокал. Сябе даглядаў -- зубы чысціў соллю. Ён добра запомніўся маці, бо гэта яна нам аб ім расказала. Памёр ён 16.05.1931 года па 69 гадах жыцця. Аб гэтым мы даведалісь у 2011 годзе, калі праз дапамогу бацюшкі Мікалая Аўсенюка і войта пана Тыміньскага адшукалі ў архівах гміны адпаведны запіс у царкоўнай кнізе.
    Бацька дзеда Мікалая -- Юзэф, быў ганчаром. Нам маці гэта казала. Яшчэ яна памятала, што ў іх быў ганчарны круг, было за агародам мноства гліняных чарапкоў. Бачыла іх і наша сястра Марыя (1938 г.н.). Маці аднак дзеда за работай не бачыла, а імя яго называла -- Юзэф. Хаця ад яе я чуў таксама, што суседзі быццам-бы звярталіся да яго Кастанчук. Магчыма Канстанты было імя бацькі дзеда Юзэфа. Гэтае імя Канстанты Васільчук я знайшоў у згаданай раней кнізе Tomaszа Jaszczoltа на с.323, дзе яно ўпамінаецца пад 1845 годам разам з імёнамі другіх гаспадароў -- Шымона Блашчука, Матэўша Васільчука, Войцеха Оклоты, Томаша Мірончука, Эльяша Мірончука, чые прозвішчы мы чулі ў размовах нашых бацькоў.
    Наша бабка па матчынай лініі Соф’я -- другая жонка Мікалая Васільчука, была з роду Канюка. Яе бацькі -- Канюка Ісідор і Марыя (Дымінюк), гэта нашыя прадзед і прабабка па матчынай жаночай лініі. Соф’я займалася хатняй гаспадаркай. Многа працавала і была майстар на ўсе рукі. Была мудрай, мела філасоўскі розум, добра размаўляла па-польску. Мова яе, думаю, была багатай, бо наша маці, калі размаўляла, а размаўляла яна з намі па-польску, дык ужывала многа прыказак і прымавак, такіх як, напрыклад:
• хто рано встае--тэму Пан Буг дае;
• кажды свенты ма своё выкрэнты;
• чыя коса перша--тэго лонка шэрша;
• чловек пляную, а Пан Буг керуе;
• дай нам дзісь хлеба нашэго;
• зналязл дзяд торбэ не скакал--згубіл не плакал;
• не смейсе дзядку з чужэго выпадку, бо і твуй на носе;
• до поры до часу збан водэ носі;
• коза з воза--коню льжэй;
• хто обецуе не ноцоваць не еднэй ноцы, тэн бэндзе ноцоваць тршы;
• кому граё--нех се крэнці, а мне Юзік на паменьці;
• дай кужэ гжэндэ--кшычы выжэй бэндэ;
• нема ніць тэго злэго, жэ бы не вышло на добрэ;
• хоця ж і ззаду, абы в тэм стаду;
• седзець в халупе, то жыце глупе;
• робота чловека не збогаці, а згорбаці;
• кшыво-просто, абы остро;
• попадл мендзы вроны, тшэба гракаць як і оні;
• крутко -- вэнзловато;
• цо глова, то і розум і г.д.
    Бабка Соф’я мела рашучы характар, бо паводзін яна была незалежных--магла з дому адлучыцца на нейкі час па сваёй задуме. Яна і дачку сваю Ганну, калі ёй было 12 год, выправіла і самастойна адвезла на фурманцы ў Карыціна вучыцца на краўцову, бо лічыла, што няма чаго ёй гібець на гаспадарцы. А потым, у 1944 годзе, адмаўляла яе ехаць у перасяленцы ў Расію, калі “бальшэвікі”, што былі ў іх на пастою, падбілі да перасялення нашага бацьку абяцанкамі райскага жыцця ў Саветах. А галоўнае, яна мела жыццёвую адвагу выйсці замуж за Мікалая, які быў старэйшы за яе амаль на 20 год. І прыказку -- дзяўчына ёсць глупа овца, калі пайшла  за ўдоўца -- яна ведала. Аднак жыццё даказала яе правату. Дзяцей у Мікалая і Соф’і было чацвёра -- Устына (1910 г.н.), Ганна (1911 г.н.), Марыя і Яўгеніюш. Марыя і Яўгеніюш памерлі ў маладыя гады. Бабка Соф’я памерла 12.10.1953 года па 72 гадах жыцця. Дзед Мікалай і бабка Соф’я, разам з імі і дачка іх Марыя, пахаваны на могілках вёскі Чарна Царкеўна. У апошнія гады мы па магчымасці наведваем іх магілы і штодзень молімся аб упакаенні іх душаў.
    Бабка Соф’я была з мнагадзетнай сям’і -- 10 дзяцей было ў Ісідора і Марыі. Наша стрыечная цётка Люба, з якой мы цудам сустрэліся ў царкве ў Чарнай Царкеўнай у наш прыезд 06.11.2011 года -- гэта дачка яе брата Паўла Канюкі. У бабкі Соф’і была таксама сястра Марыя, сын якой Владэк Канюка--стрыечны брат нашай маці Ганны (наш стрыечны дзядзька), неаднаразова яшчэ за апошнімі Саветамі прыязджаў да нас і ў Ваўкавыск, і ў Мінск, і ў Маскве Пятра адведаў.
    Устына была ў шлюбе за Тымасякам Антоніем. Сям’я ў іх была каталіцкага веравызнання. У іх трое дзяцей -- Антаніна (1942 г.н.) і два сына--Юзэф (1936 г.н.) і Станіслаў (1933г.н.). Аб Юзэфу мне невядома. Сям’я Станіслава жыве зараз на былым падворку Васільчукаў. У Станіслава дзве дачкі -- Люцына і Эльжбета. Станіслаў пахаваны разам з жонкай на каталіцкіх могілках у Гродзіску, побач з магілай бацькоў -- Антонія і Устыны.
    Да Антаніны ў нас даўняе ўдзячнае стаўленне. Антаніна падтрымала сваю маці ў яе ініцыятыве па ўзнаўленню роднасных адносін з намі ў навейшыя часы. Яны першыя прыехалі да нас у Ваўкавыск дзесці ў 1975 годзе, і потым неаднаразова наведвалі нас разам і паасобку, як за Саветамі, так і пазней. Наша маці таксама ў 1978 годзе наведала, разам з Аленай і ўнукам Раманам, родныя мясціны і сям’ю Блашчукаў.
    У Антаніны і Станіслава Блашчукаў трое дзяцей -- Яцэк (1973), Здзіслава (1967) і Барбара (1963). У Яцэка з Ганнай трое дзяцей--Дамян, Дамяніка і Агата. У Здзіславы -- сын Мілаш, жывуць у Беластоку. У Барбары чацвёра дзяцей -- Лукаш, Устына, Камель, Радэк. Барбара жыве ў Алендах, а сыны са сваімі сем’ямі ў апошні час уладкаваліся ў Бельгіі, а Устына ў Беластоку.
    Яцэк вядзе гаспадарку -- больш за 33 гектары зямлі, малочная ферма (20 кароў). Даглядае яшчэ і гаспадарку бацькоў жонкі Ганны. У дадатак, і ў Яцэка, і ў Ганны ёсць яшчэ работа і па-за домам. Аднак спраўляюцца, жывуць дружна і на жыццё не скардзяцца, бо правяць па сваёй волі і на свой розум. І да нас ставяцца дабразычліва. Прымаюць нас заўсёды гасцінна і з радасцю. Таму, хоць усе мы розныя, а адчуваем сябе ў іх сям’і камфортна, бо кожнаму ёсць свая ўвага і мы таксама маем сваю цікавасць да іх жыцця. У нас ёсць аб чым паразмаўляць, у нас ёсць узаемаразуменне, і ніхто нікуды не спяшаецца.
    Што тычыцца бацькавай лініі, дык родная маці нашага бацькі Іосіфа Бурака -- наша кроўная бабка па бацькавай лініі Надзея Чаламей ( 1890 г.н.), сама з Наройкаў. Яе бацька --Леон Чаламей. Яна маладой дзяўчынкай была працаўнічкай у айца Якуба Ілюлькевіча -- настаяцеля царквы Касмы і Даміана, што ў Наройках. Сын яго, імя якога нам невядома, быў на вакацыях -- прыехаў з кадэтаў. Ён і стаў, па сямейных паданнях, бацькам нашага бацькі Іосіфа. Неўзабаве ён з’ехаў, і Надзея падалася за ім. Сына свайго яна аддала ў сям’ю сваёй сястры Соф’і, што была ў шлюбе за Пятром Бураком у Макарках. Бабка Надзея наведвала нашу сям’ю ў Саратаве (1944-46гг.). Гасціла не доўга. Потым у сямідзесятыя гады яе ў Іркуцку наведаў наш брат Юрый. Імя нашага дзеда яна так нам і не сказала. Калі яна памерла і дзе яна пахавана, мы не ведаем.
    Сям’я Соф’і і Пятра Бурака прыняла Іосіфа як роднага. Дзеці -- Іосіф (1906), Наталля (1903) і Марыя (1901) -- пранеслі роднасную любоў адзін да аднаго праз усё жыццё. І нам гэта вядома. У 1914-1922гг. сям’я была ў эвакуацыі ў Расіі, у Казані. Там дзеці вучыліся ў рускай гімназіі. З эвакуацыі вярнуліся назад у Макаркі. Бацька Пётр вёў гаспадарку, цеслярыў. Іосіф яму дапамагаў, пакуль не пайшоў служыць у войска ў 1925 годзе. Названая маці Іосіфа Соф’я памерла 28.05.1943г. пасля 73 год жыцця. Пахавана яна, як і Пётр Бурак, па нашых звестках, на праваслаўных могілках у Гродзіску. Іх магілы мы пакуль-што не знайшлі. Владэк Хомяк, сын Марыі, якому на гэты наш прыезд (02.11.2013) было 86 гадоў, не змог нам дапамагчы. Яго маці, а наша стрыечная цётка Марыя, пахавана ў Семятычах.
    Другая наша стрыечная цётка Наталля была ў шлюбе за Вальчуком Янам, што таксама з Макарак. Ёсць фота, на якім наш бацька Іосіф, Наталля, Ян і сяброўка Іосіфа сфатаграфаваны ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Цікава ўбачыць як шляхетна выглядалі нашыя бацькі ў тыя гады. Якую добрую фотку былі здольныя і мелі магчымасць зрабіць. З сям’ёй Вальчукоў наша сям’я падтрымлівала роднасныя кантакты -- дапамаглі ім з данбаскіх шахтаў выбрацца пасля вайны, падтрымлівалі іх у Ваўкавыскі перыяд, калі яны жылі ў Мсцібаве, і потым кантактаў не гублялі.
     У Вальчукаў было трое дзяцей -- старэйшы Ян (1932-1997), Марыя (1934-2011) і Уладзімір (1943). Зараз сям’я Уладзіміра жыве ў Гродне, Марыі -- у Ваўкавыску, Яна -- у Навагрудскім раёне, вёска Шчорсы.

 

БАЦЬКА ІОСІФ


    Наш бацька Іосіф Пятровіч Бурак выхоўваўся ў сям’і сваёй цёткі Соф’і, якая была сястрой яго маці Надзеі. Сям’я жыла ў Макарках. У 1914-1922 гадах сям’я была ў эвакуацыі ў Казані. Тут Іосіф скончыў 8 класаў гімназіі. Учыўся па руску. Быў актывістам, камсамольцам. Быў гатовы пайсці ў камісарскую школу, аднак сям’я ўжо вырабіла дакументы для вяртання ў Польшчу і сястра Наталля настаяла, каб ён ехаў з сям’ёй, чым , думаю, і выратавала яго. У 1925-29гг. служыў у польскім войску. Ад тых часоў у нас захавалася фота маладога жаўнера, якое з цягам часу робіцца ўсё цікавейшым. У 1930-33гг. Іосіф вучыўся ў будаўнічай школе ў Яраслаў’і. Вучыўся па-польску.За вучобу трэба было плаціць. Плацілі бацькі, дапамагала будучая жонка Ганна. Звяртаўся нават за дапамогай да графа Патоцкага, які ў гэтыя гады жыў у маёнтку ў Семёнах. І той дапамог.
    У 1933 годзе Іосіф пабраўся шлюбам з Ганнай Васільчук. Спачатку жылі ў Семёнах на адбудаваным Іосіфам пасля пажару падворку Васільчукаў, а потым -- у Бельску. Пад час першых Саветаў у 1939-41гг. бацька служыў па будаўніцтву і камунальнай гаспадарцы. Пад час вайны ў 1941-44гг. сям’я жыла ў Семёнах. Пакаштавалі нямецкага парадку, савецкіх партызанаў, польскіх нацыяналістаў, тутэйшых збройных, яўрэйскіх здабытчыкаў.
    У 1944 годзе запісаліся у перасяленцы ў Брэст, бо хадзілі чуткі, што дзесьці тут будзе граніца. Гэта быў усвядомлены выбар бацькі. Ён быў прарасійскіх поглядаў, праваслаўнай веры, савецкая дэмагогія яшчэ туманіла яму розум. Аднак прывезлі іх дзесьці ў Саратаўскую вобласць. Бацькі хутка разабраліся з тамашнім ладам жыцця, які ім быў не да спадобы. І ў 1946 годзе сям’я выправілася назад у Заходнюю Беларусь. Бацьку здавалася, што тут ім будзе лягчэй уладкавацца жыць. У 1948 годзе праз Шылавічы і Вішневічы дабраліся да Ваўкавыску. Тут сям’я пражыла да 1987 года, да дня, калі вырашана было перавезці сям’ю ў Брэст, каб там пахаваць бацьку, які ўжо быў цяжка хворы. І ўжо настаў час даглядаць маці.
    Бацьку памятаю строгім, справядлівым, акуратным. Выпісваў і чытаў газеты, казаў і пісаў граматна па-руску і па-польску. Мог сказаць з гумарам. Вучыў нас як трэба пісьмо ў канверт палажыць. Мы, дзеці, яго любілі і хацелі быць падобнымі да яго. Жыў ён сумленна і нас вучыў не шукаць выгады за чужы кошт. Працаваў па будаўніцтву, па камунальнай гаспадарцы і сам мог будаваць. Быў вядомым у Ваўкавыску спецыялістам -- яго будаўнічыя сметы прымаў банк, яго запрашалі на будаўнічыя экспертызы, а работнікаў ён мог заставіць зрабіць як належыць. Я гэта бачыў не адзін раз. Начальства і саслужыўцы ставіліся да яго з павагай. Мы гэта адчувалі, калі даводзілася бываць у яго на службе.
    Бацька меў адвагу жыць на свой розум у тыя складаныя часы, калі іншадумства было за злачынства. Хоць і быў службоўцам, аднак хадзіў рэгулярна ў царкву, слухаў радыё “Голас Амерыкі” (дарэчы па-польску), крытычна ставіўся да існага парадку і не ўхваляў яго. Трымаў карову, калі Хрушчоў у 1961 годзе забараніў трымаць кароў жыхарам у горадзе.
    Ведаў гісторыю, ведаў змест Евангелля, цікавіўся палітыкай, быў чалавекам цывілізацыйна дасведчаным на той час. Ад яго я ўпершыню, яшчэ ў школьныя гады, пачуў пра гістарычнасць асобы Хрыста, пра Катынскае злачынства, пра дзяржаўна-палітычны бандытызм бальшавікоў, пра той пачатак вайны і партызанку, што толькі зараз пачынаюць даходзіць да нас, пра марнасць савецкай сістэмы. Аднак нам пра гэта не назаляў.
    Бацька многа ўвагі ўдзяляў, як я зараз разумею, сям’і і нашаму выхаванню. Хадзіў на бацькоўскія сходы, правяраў нашыя дзённікі, цікавіўся, што ў школе мы вывучаем. Вітаў нашу актыўнасць, з павагай ставіўся да нашых сяброў і настаўнікаў. У школе мы вучыліся добра і бацьку гэта радавала, хаця яму і даводзілася трымаць нас у строгасці. У царкву мы хадзілі ў малодшых класах, а потым нам не дакучалі. Дома ў нас святкавалі і Каляды, і Пасху, і ёлку кожны год ставілі, што прыносіў з работы бацька, а потым я з лесу. І гірлянда з лямпачак, адна на ўсю акругу, была ў нас з клопату бацькі.
    Бацька вёў хатнюю гаспадарку -- карова, свіння, куры, агарод, бульба ў полі, дровы, сена, капусты купіць. Нас прылучалі да гаспадаркі і мы, дзякуй гэтаму ведаем, як буракі растуць, як печку паліць, калі дроў няма, як карову пасці, калі пашы няма, і як зімой яе трымаць, калі сена няма, і ведаем, як бялізну мыць, калі вады ў хаце няма. Ведаем -- як рукі і шыю мыць трэба.
    На работу бацька хадзіў у чыстай, напрасаванай маці кашулі. Гальштук-абавязкова. Капялюш, боты начышчаныя. Я выглядаю, калі будзе ісці аўтобус, каб папярэдзіць бацьку. Маці праводзіць на работу -- на стале гарбата на чыстай сурвэтцы, на развітанне -- пацалунак.  Паважлівае стаўленне маці да бацькі і бацькі да маці было ў аснове нашага сямейнага ладу. Я думаю, усё гэта ішло ад польскай культуры, ад тых 1930-40гг., калі бацькі нашы выпрацоўвалі свае каштоўнасныя арыенціры ў жыцці. У бацькоў былі , канешне, спрэчкі. Аднак ніколі не было ругані, абражання, папрокаў. Бацька трымаў сябе заўсёды вельмі прыстойна, і быў для нас да канца жыцця аўтарытэтам.
    Я ніколі не бачыў бацьку выпіўшым, хаця што выпіць у нас у доме вадзілася. Я ніколі не чуў ад яго сорамнага слова, хаця б ён і быў у абурэнні. Тэмпераменту ён быў, думаю, сангвіністычнага. Дзяцей у сям’і не абражалі, не прыніжалі, да іх просьбаў адносіліся з увагай. Бацька патрабаваў трымацца хатняга парадку, ведаць рэжым дня. Бацька вучыў нас ставіцца адзін да аднаго ветліва і з любоў’ю, вучыў саступаць адзін аднаму. Вучыў нас, як трэба прасіць прабачэння. І сам нас любіў і хацеў, каб мы выраслі прыстойнымі людзьмі, жылі сумленна і на свой розум і па сваёй волі. Таму прымаў наша імкненне вучыцца, мець сваё меркаванне і жыць самастойна. І дапамагаў нам у гэтым. Пад час вучобы ў інстытутах нам бацькі прысылалі і грошы, і пасылкі. Памятаю ў 70-м годзе, калі мы з Пятром вучыліся ў Маскве ў Баўманскай вучэльні, а Алена з Нінай у Мінску, бацька прысылаў нам з Пятром па 50 рублёў кожнаму. Гэта ў дадатак да нашай стыпендыі, якая таксама рублёў 50 была. Сярэдняя зарплата ў месяц тады была прыкладна 100 рублёў.
    Мы ўсе сямёра дзяцей скончылі вышэйшыя вучэльні, параз’ехаліся з дому, завялі свае сем’і, уладкаваліся на дзяржаўныя работы. Бацька паспеў парадавацца плёну сваіх жыццёвых высілкаў, вынікам свайго разумення каштоўнасцяў жыцця і да нас удзячна звяртаўся, калі збіраліся мы і на 70 год бацьку ў 1976 годзе, і на 50 год шлюбу ў 1983 годзе. Наш бацька пражыў жыццё годна, працаваў на будучыню. Таму ёсць каму сёння штодзень з удзячнасццю маліцца за ўпакой яго душы.

 

МАЦІ ГАННА
Унучцы Юліі прысвячаю


    Бог стварыў чалавека здольным да жыцця і дараваў яго вольным быць. Аднак чалавеку не дадзена ведаць наперад аб сабе  і аб сэнсе свайго жыцця. І толькі плод яго жыццестваральных высілкаў можа паказаць аб правільнасці яго штодзённага жыццёвага выбару і аб меры і сутнасці яго жыццёвай сілы.
    Наша маці пражыла сто гадоў і памяць аб сабе пакінула жыцценатхняльную, бо мела яна вялікую жыццёвую сілу. Па-першае, маці была адухоўленай натурай. Яна магла любіць. Праз любоў яна чуйна ўлоўлівала змены рэчаіснасці і адпаведна ім удакладняла сваё светабачанне і актуалізавала свае прыярытэты. І любоў яе была канкрэтнай. Спачатку яна любіла нашага бацьку -- шчыра, ад душы, бо ён быў яе жыццём. Потым яна любіла нас -- дзяцей. І любіла нас не таму, што мы такія здольныя, зграбныя, мондрыя, а таму, што мы -- яе жыццё. Яна любіла ўнукаў, чацвёра з якіх яна выгадавала як сваіх дзяцей, бо яны былі працягам яе жыцця. Яна любіла людзей, што былі ў яе жыцці, а потым яна любіла проста ход быцця, бо гэта было яе жыццём. А як трэба было любіць жыццё, каб пражыць 20 год, хоць бы і ў сям’і дачкі, у цярпенні да паводзін і заўваг моладзі, не дакучаць іншым, а стаць другам і для ўнука Славы, і для зяця Аляксандра, і радавацца жыццю?
    Па-другое, маці магла мысліць. Мысліць – гэта значыць выпрацоўваць уласнае разуменне жыцця. І мысленне яе было рэфлексіўным. Гэта значыць, што яе ўласнае разуменне жыцця і яе рух па жыццю былі ўзаемазалежнымі. Таму і магла вылучаць галоўнае на гэты час і ў гэтай сітуацыі.
    Па-трэцяе, маці мела адважны характар. Яна мела адвагу браць сваё і абараняць сваё. Яна змагла бацьку нашага прывабіць і ўтрымаць у сям’і і выратаваць яго, бо і бацька быў натурай няпростай і часы былі не тое, каб складаныя, а бязлітасныя. Яна ж бацьку ў немца адабрала ў першыя дні вайны, калі той пайшоў шукаць праўду, калі чарговы жаўнер узяў ужо трэцяе вядро і не нясе. І з партызанамі рознага колеру знаходзіла яна паразуменне. І за бацькам яна паехала ў Расію, хоць яе і адгаворвалі ад гэтага і не без падстаў. І сама яна знайшла і заняла дом у Ваўкавыску, калі сям’я апынулася на вуліцы, і ў якім мы пражылі потым увесь ваўкавыскі перыяд -- 40 гадоў. І кожны дзень вырашала задачу, чым сёння дзяцей пакарміць, калі ў хаце -- ні цыбулькі, ні в цо вкроіць. Яна мела адвагу несці свой крыж жанчыны-маці.
    Маці не баялася ўласнае разуменне сітуацыі правесці ў жыццё. Маці ведала, што і як сказаць дырэктару школы, да якога яна прыйшла. Ведала як прыняць і чым пачаставаць бацюшку, што прыйшоў асвяціць хату. Ведала, чым падаць жабраку, што зайшоў у хату пагрэцца, і як справіцца з падпітым некім і выправадзіць яго з хаты, і як падзякаваць паштальёнцы, што прынесла перавод. І з нашымі школьнымі сябрамі яна была ў дружбе, і з прафесурай яна спраўлялася, калі ў старэйшыя нашы гады наведываліся да нас нашыя калегі. Упраўлялася, бо бачыла ў кожным перш за ўсё чалавека і мела адвагу паважаць чалавека, і не саромелася быць удзячнай.
    Для сябе асабіста, у якасці жыццёвага ўрока ад маці, я вывеў тры імператывы мудрага жыцця:
    Па-першае, імкненне жыць доўга з’яўляецца маральным і больш таго, гэта наш гуманістычны абавязак перад Богам, перад бацькамі, перад дзецьмі, перад самімі сабой.
    Па-другое, імкненне да пакорлівасці, да ўтаймавання сваёй гардыні з’яўляецца пахвальным -- гэта твая праца табе ж на карысць і на радасць тым, хто цябе любіць.
    Па-трэцяе, уменне жыць у сваю сілу, цаніць тое, што ў цябе ёсць і не хацець таго, чаго табе не можа быць дадзена -- гэта табе неабходна,  каб  жыць у саўладзі душы і розуму, каб мець спакойнае сумленне,  што ёсць аснова твайго шчасця.
    А матчына разуменне жыцця было прагрэсіўным, бо плён яе жыццёвых высілкаў -- наша вялікая сям’я, адпавядае сучаснаму цывілізацыйнаму трэнду -- збліжэнню людзей рознага цывілізацыйнага кшталту. Я, думаю, маці гэта бы радавала. У ёй усе людзі былі роўнымі, а дзеці -- любянымі. Дзякуй за падараванае нам жыццё.
    І не здарма ў Ваўкавыску ў школьным музеі жанчыны-маці ёсць стэнд, які прысвечаны нашай маці. Тыя, хто датычныя да стварэння экспазіцыі --педагогі Боцька Аляксандр Уладзіміравіч, Недвецкая Ніна Антонаўна, Федарэнкава Тамара Васільеўна, дэпутат Новасяд Тамара Іванаўна, работнік выканкама Вараніца Святлана Уладзіміраўна, не абыякавыя сведкі ў жыцці, а творцы рэчаіснасці, здольныя пераўтвараць уласнае разуменне жыцця ў справу. А роднасць душ, сугучнасць каштоўнасных прыярытэтаў і падабентсва жыццёвых арыенціраў вызначылі прыцягненне іх увагі да асобы нашай маці. Праз яе прыклад яны хочуць перадаць сваё светаразуменне моладзі. Дапамагай ім Бог!
    P.S. Што да прысвячэння ўнучцы Юліі, дык справа была так. Як раз 25 снежня  2013 года ў нас былі Юля і Матвей, каб пахваліцца дзеду пра сваю вучобу -- чвэрць жа скончылася. Юля зайшла да мяне пацікавіцца, што я тут раблю. А я, як раз,скончыў пісаць гэты раздзел пра маці Ганну. Кажу --паслухай, што я тут напісаў пра тваю прабабушку Ганну. Хто піша, той ведае, як знайсці цікаўнага на тое пісанне. Яна была ўжо не першая, да каго я звяртаўся. Першая -- хто адгукнуўся. Яна ўважліва мяне слухала. І не пыталася колькі лістоў яшчэ? А тэкст -- не просты. Я глянуў на яе -- як рэагуе? І быў здзіўлены яе засяроджанасцю. Аблічча, выраз твару, постаць нагадалі мне кропля ў кроплю нашу маці, калі аднойчы я папрасіў яе паслухаць, як я вывучыў верш па-нямецку: ”Кляйнэ вайсэ фрідэнс таўбэ…” -- тыя ж спагадлівасць, узнёсласць, натхнёнасць запатрабаванасцю. Я і раней заўважаў у Юліных рухах, інтанацыях, міміцы “дрыг” нашай маці. Аднак сама ўразіла яна мяне ў канцы. Я яе не аб чым не пытаўся, а яна кажа -- Ведаеш дзед, я думала, што ў нас у Беларусі ёсць толькі два волата -- Янка Купала і Якуб Колас. А аказываецца іх тры. Трэба табе толькі псеўданім прыдумаць. От так і наша маці, можа, і не змагла бы.
    Канешне, мне зараз жа прыгадалася матчына прымаўка -- О! Глувка -- як макувка! І я пацалаваў яе.

 

ПРОЙДЗЕНЫ ШЛЯХ


    Жыццябег нашай сям’і я падзяліў бы на чатыры перыяды. Першы --польска-расійскі. Гэта гады 1933-1946. Другі перыяд -- Ваўкавыскі, 1946-1987гг. Трэці перыяд -- Берасцейскі, 1987-2012гг. Чацвёрты перыяд --планетарны, сучаснасць ад 2013 года. У польска-расійскі перыяд сям’я жыла ў Семёнах, Бельску, зноў у Семёнах, дзесьці каля Саратава. Перажылі польскія часы, першыя Саветы, немцаў, польска-каталіцкі нацыяналізм, расійскае перасяленне. Тады нарадзіліся Юрый (1935), Марыя (1938), Уладзімір (1942).
    Ваўкавыскі перыяд. Сям’я вяртаецца з перасялення з Саратава ў заходнюю Беларусь. Гэта, думаю, быў усвядомлены выбар бацькі. Ехаць у Польшчу ён не хацеў. Восенню 1946 прыехалі ў в. Шылавічы да сваякоў па матчынай лініі, што ад першага шлюбу дзеда Мікалая. Я заўважаў, што маці заўсёды дабразычліва ставілася да Зосі з Шылавічаў, сваёй пляменніцы, што была дачкой яе зводнай сястры Соф’і. І я не аднойчы бываў у Шылавічах, ці то на канікулах, ці то па вішні ездзілі з малодшымі нашымі. Тады я не надаваў увагі таму, што гэта мая радзіма, што я нарадзіўся тут у Шылавічах (1947). У 1948 годзе сям’я дабралася да Ваўкавыска. Тут нарадзіліся Алена (1949), Ніна (1951), Пётр (1952). Тут усе скончылі школу (СШ №3) -- Юрый (1954), Марыя (1956), Уладзімір (1959), Мечыслаў (1965), Алена (1966), Ніна (1968) і Пётр (1969).
    Адсюль усе пайшлі ў свет, паканчалі інстытуты, паабаранялі дысертацыі. Дзяўчаты павыходзілі замуж, хлопцы пажаніліся. Сям’я стала шматнацыянальнай -- руска-украінска-яўрэйска-беларускай, хаця мы гэтага не заўважалі, бо выхаваны былі на савецкіх каштоўнасцях. Жыць сталі -- хто ў Беларусі, хто ў Маскве, хто ў Расіі. Кожны пачаў пракладаць свой шлях.
    Аднак духоўна і эмацыянальна сям’я гуртавалася вакол Ваўкавыска, дзе жылі бацькі, якім мы пісалі пісьмы і тэлефанавалі. У Ваўкавыск мы прыязджалі летам, прывозілі сваіх дзяцей, сустракаліся тут паміж сабой і са сваімі школьнымі сябрамі. Адзначалі сямейныя святы, амбеньваліся думкамі і ўспамінамі. Дамінаваў аўтарытэт бацькі і яго сістэма каштоўнасцяў --адукацыя, работа, сям’я. Бацька нас без увагі не пакідаў. Асабліва дзяўчат курыраваў -- і словам, і справамі, і грашыма. І мы, хлопцы, да яго слоў і меркаванняў прыслухоўваліся.
    Ваўкавыскі перыяд быў асноўным у нашай сям’і. Аднак мы добра былі пад уплывам савецкай ідэалогіі. Канец Ваўкавыскага перыяду супаў з канцом Саветаў. Думаю, што нам пашчасціла ўступіць у новае жыццё яшчэ здольнымі яго прыняць і адчуць эмоцыю вольным быць у больш свабодным грамадстве. І дзякуй Богу.
    На жаль, бацька не дажыў да гэтага, так роднаснага яму, парадку быцця. Бо перабудова да нас дайшла, як я памятаю, у 1989 годзе.
    Берасцейскі перыяд. Пачынаецца гэты перыяд у жніўні-верасні 1987 года, калі з ініцыятывы Алены было вырашана ( Мечыслаў, Алена, Пётр ) перавезці ўжо хворага бацьку ў Брэст у аднапакаёўку, дзе жылі Алена, Раман, Аляксандр і Слава. Ну і маці туды да іх таксама. Бацька, хоць і з цяжкасцю, аднак пагадзіўся з нашымі прапановамі. На нашу долю выпала ўзяць на сябе адказнасць за сям’ю ў гэты час -- прыняць спадчыну, выправіць сям’ю на новае месца, прадаць маёнтак, наладзіцца ў Брэсце. Старэйшыя і Ніна пагадзіліся і дапамаглі. Таму і справіліся.
    Нас усё больш зацягвала ў свае сем’і. Аднак кантактаў мы не гублялі, бо дружылі. Дапамагалі адзін адному -- думкай, справай, выручкай. Тэлефанавалі адзін адному і маці ў Брэст. На святы, юбілеі, памінальныя дні-- мінімум раз у год, збіраліся у Брэсце ля маці. Галоўны жыццёвы клопат аб сям’і ў гэты перыяд лёг на Алену і Пятра. І яны справіліся, бо адказнасць ведалі, а астатнія стараліся памагаць. Ідэалогія сям’і ў гэты перыяд мяняецца ў кірунку матчыных ідэалаў -- галоўнае жыць, не ўпадаць у роспач, даглядаць дзяцей, радавацца таму, што ў цябе ёсць -- дай нам дзісь хлеба нашэго.
    Адыходзяць на вечны спакой Уладзімір (1998), маці (2003), Ніна (2008). Упакой, Госпадзі, душы ўсопшых рабоў тваіх. Цяжкасці і выпрабаванні, што выпадаюць на долю сям’і, служаць умацаванню сямейнай дружбы і ўзаемаразумення. І не толькі паміж намі, а і паміж намі і нашымі дзецьмі і пляменнікамі. І паміж імі самімі. Яны далучаюцца да нас і думкай, і справай у якасці роўных паплечнікаў. Мы пачынаем прымаць іх узрасленне. Сфарміраваўся новы ліберальны парадак сямейнага ўзаемадзеяння. Праўленне агульнасямейнымі справамі ідзе ад Пятра і ён спраўляецца, бо ўмее ладзіць з людзьмі, што мы і адзначылі на дружным святкаванні яго шасцідзесяцігоддзя ў Маскве ў ліпені 2012 года. Гэтай падзеяй, думаю, і завяршыўся трэці -- Берасцейскі перыяд у жыцці нашай сям’і.
    Планетарны перыяд. Дрэва нашай сям’і ўзрасло ў Беларусі і Расіі. Аднак малодшыя з дзяцей (дзеці Пятра) вучацца ўжо ў Лондане. Усё часцей мы збіраемся не толькі ў Брэсце, дзе магілы бацькоў і Ніны, а і ў Маскве. У Семёны пачалі наязджаць. Нашы дзеці ўжо пабывалі ў Еўропе, у Амерыцы, у Тайландзе і нам паказалі свет. Верх пачынае браць ідэалогія моладзі-імкненне жыць па новаму. Інтэрнэт, смартфон, аўта -- гэта асяроддзе іх быцця. Паняцці сям’і, работы, нацыі -- размытыя. Аднак наша кроўная еднасць усё больш успрымаецца імі як духоўная каштоўнасць, што надае сэнс іх чалавечаму развіццю. А нам ад іх галоўнае, каб жылі ў сваю сілу, па сваёй волі і здолелі ператварыць дадзены ім Божы дар у плён свайго жыцця і нас выправіць у апошні шлях.


 БЕЛАРУСКІ ПЛЁН


    А ў нас, дык як атрымалася? Юрый -- старэйшы брат. Пасля заканчэння школы (1954) паступіў у ваенную вучэльню ў Мінску. Потым скончыў ваенную акадэмію. Служыў у Савецкай Арміі. Ажаніўся на рускай дзяўчыне Ганне. У іх чацвёра дзяцей -- Вольга (1959), Таццяна (1960), Ірына (1967), Елена (1970). У Вольгі дзеці -- блязняты Кірыл і Ілля (1989). У Таццяны, якая заўчасна пайшла з жыцця -- упакой, Госпадзі, душу яе -- дзеці Юрый (1983) і Фёдар (1986). У Ірыны дзяцей няма. У Елены – дачка Ганна (1990) і сын Андрэй (2001). Дзеці Юрыя і Ганны абаснаваліся ў асноўным у Пецярбургу. Калі мы адзначалі сямідзесяцігоддзе Юры ў 2005 годзе ў Каўрове і калі Алена , Галіна Тарханава і Наталля былі на вяселлі Кірыла і Іллі ў Пецярбургу, дык было заўважана, што жыве Юрына сям’я дружна і з радасцю. Юрыю ўдалося рэалізаваць свой чалавечы патэнцыял і па службе, і па сям’і, і па духу.
    Марыя скончыла школу ў 1956 годзе. Потым -- тэхнікум, інстытут, аспірантуру. Першая ў сям’і абараніла дысертацыю (1970). Думаю, яна з нас самая здольная да навуковага мыслення. Вучоная, выкладала ў інстытуце, дацэнт. Была замужам за ўкраінцам Вазнюком Васіліем, што з Хмельніка прыехаў у Гусеў у тэхнікум вучыцца. У яе двое дзяцей – сын Ігар (1965) і дачка Алена (1973). Ігар жыве ў Маскве. У яго сын Дмітрый (1991). Алена жыве ў Мінску. У яе ёсць дачка Марына (1993).
    Уладзімір скончыў школу ў 1959 годзе. Потым Гомельскі чыгуначны інстытут (1965). Працаваў у Мінску на кіраўніцкіх пасадах. Дзеці – дачка Галіна (1964) і сын Андрэй (1969). Галіна жыве ў Мінску. У яе двое дзяцей-Таццяна (1984) і Вадзім (2005). Андрэй жыве ў Маскве. Хацелася б, каб і ў яго былі дзеці, бо ён нядаўна (2012) ажаніўся на добрай  дзяўчыне Елене.
    Уладзіміра я памятаю добра. Па жыццю ён быў лідарам, у зносінах -- душа кампаніі, у паводзінах -- прыстойны, душу меў высакародную. Блізкія яго любілі.У маці ён быў любімым сыночкам. На жаль, не паспеў цалкам рэалізаваць сваю натуру -- рана пайшоў з жыцця. Упакой, Госпадзі, яго душу.
    Мечыслаў скончыў школу ў 1965 годзе, Маскоўскую вучэльню імя Баумана (1971), абараніў дысертацыю, працаваў па навуцы. Ажаніўся на рускай дзяўчыне Галіне з Мурманска, што прыехала ў Маскву ў інстытут. У нас трое дзяцей -- Ганна(1969), Дзяніс (1973), Наталля (1981). У Ганны нашыя ўнукі -- Аляксандр (1990), Юля (2001). У Дзяніса – наш унук Матвей (2001). Усе жывём у Мінску.
    Алена скончыла школу ў 1966 годзе, эканамічны інстітут у Мінску, аспірантуру. Была накіравана на работу ў Брэст. Працавала ў выканкаме, потым выкладала ў інстытуце. У яе двое дзяцей -- Раман Сакун (1972) з украінскімі каранямі, і Вячэслаў Каверын (1986) -- беларус. Раман уладкаваўся ў Маскве. У яго трое дзяцей -- Ганна (1994), Альберт (2007) і Філіп (2010). Вячэслаў жыве ў Брэсце. Аднак любіць ад’ехаць у Тайланд, Маскву, Кіеў, каб паспытаць тамашняга жыцця, бо, відаць, засвоіў ад бабкі Ганны прымаўку -- сядзець у халупе, то жыце глупе. Думаю, Алена ў нас вельмі падобная да маці Ганны і па разуменню жыцця, і па характару, і па тым, як справу зрабіць. Ёсць у ёй жыццёвая сіла.
   
    Ніна скончыла школу ў  1968 годзе. Потым эканамічны інстітут у Мінску. Працавала на адказных пасадах у міністэрствах. Скончыла аспірантуру, абараніла дысертацыю. Выкладала ў інстытуце. Дацэнт. Была спрытнай, жыццярадаснай, дабразычлівай, спагадлівай натурай. Любіла моладзь, сябравала з ёй і дапамагала ім расці па жыццю. Хоць і пайшла з жыцця заўчасна, аднак паспела памяць у многіх аб сабе пакінуць светлую. Упакой, Госпадзі, душу рабы тваёй Ніны.
    Пётр скончыў школу ў 1969 годзе. Потым Маскоўскі інстытут кіравання, аспірантуру. Абараніў кандыдатскую, доктарскую -- да 40 год, дысертацыі. Прафесар, акадэмік, віце-прэзідэнт Расійскай Акадэміі Прыродазнаўчых навук, дырэктар навукова-даследчага інстытута, г. Масква. Жанаты на рускай Святлане. У іх чацвёра дзяцей -- Павел (1997), Паліна (1998), Платон (2005), Настасья (2005). Павел і Паліна вучацца ў каледжы ў Лондане, англійскую мову ўжо ведаюць добра. Платон і Настасья ходзяць у школу ў Маскве.
    Пятра памятаю ад нараджэння. Па знешнему выгляду, тэмпераменту і разуменню жыцця ён нагадвае мне бацьку. Ён самы паспяховы ў нашай сям’і. Каб поспех узрастаў, трэба ўмець звязваць рацыянальна-матэрыяльнае і духоўнае і гэта духоўнае трэба мець. Лічу галоўным духоўным драйверам паспяховасці Пятра яго сям’ю і яго стаўленне да выхавання дзяцей. А Святлане нізкі паклон за любоў нарадзіць столькі Буракоў. Дай Бог іх сям’і дабра.
    Жыццё павярнулася так, што большасць сям’і – бацькі, Марыя, Уладзімір, Мечыслаў, Ніна, Алена і большасць іх дзяцей, урасла ў беларускую нацыю. Другая частка сям’і -- Юрый, Пётр, іх дзеці і Ігар, Андрэй, Раман, сталася ўлучанай у рускую нацыю. Да таго ж дзеці Пятра -- Павел і Паліна, пачынаюць асвойвацца ў Лондане. Каранямі сваімі -- праз Ганну і Устыну -- ды іншых, хто ў Польшчы, наша сям’я злучана з польскай нацыяй. Аднак гэта не перашкаджае нам кантактаваць і любіць адзін аднаго. Ідзе працэс этнічнай глабалізацыі. Сёння наша роднасць стала для нас вышэй за нацыянальныя, дзяржаўныя, ідэялагічныя, культурныя і рэлігійныя адрозніванні. Для нас сям’я стала духоўнай каштоўнасцю, што дае нам жыццёвую сілу быць. Дапамагай нам Бог.
    Мечыслаў БУРАК      г. Мінск 14 студзеня 2014 года
                       
P.S. Мне радасна, што ёсць магчымасць напісаць аб нашай сям’і і што мне удалося яе выкарыстаць. Дзякуй Пятру.
     Я з удзячнасцю прыняў заўвагі зробленыя Аленай ад душы. Яе веданне жыцця і яе прафесарскі досвед пайшлі на карысць якасці пісання.
     Марыіны заўвагі паспрыялі наданню адэкватнасці выкладання рэчаіснасці ў складаных месцах.
     А Алене-пляменніцы, дзякуй за тое, што данесла да нас з успамінаў бабці Ганны.

Оставить отзыв
Ваше имя:
Ваш отзыв: